ХВА́ЛЕВАЯ О́ПТЫКА,

раздзел фізічнай оптыкі, у якім вывучаюцца аптычныя з’явы, абумоўленыя хвалевай прыродай святла.

Уяўленні аб хвалевым характары распаўсюджвання святла з’явіліся ў работах К.Гюйгенса, далей развіты ў даследаваннях Т.Юнга, А.Фрэнеля, Д.Араго і інш., што дазволіла тлумачыць інтэрферэнцыю святла, дыфракцыю святла, вызначыць даўжыню яго хвалі, устанавіць папярочнасць светлавых хваль і інш. Эл.-магн. тэорыя святла, створаная Дж.Максвелам, растлумачыла палярызацыю святла і колькасныя суадносіны пры пераходзе святла з аднаго празрыстага дыэлектрыка ў другі (гл. Фрэнеля формулы). Спалучэнне гэтай тэорыі з мадэльнымі ўяўленнямі электроннай тэорыі растлумачыла дысперсію хваль і інш. эфекты. Абмежаванні дастасаванняў Х.о. выявіліся ў даследаваннях па раўнаважным цеплавым выпрамяненні і фотаэфекце, што прывяло да стварэння квантавай механікі і ўстанаўлення карпускулярна-хвалевага дуалізму.

Літ.:

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптич. науки на пороге XX в. Мн., 1989.

т. 16, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)